вторник, 23 апреля 2013 г.

Забытыя ці занядбаныя? Якіх сьвяціцеляў Беларусі мы забылі


Беларусь – ці не адзіная эўрапейская краіна, якая ня мае ўласных сьвятых пачатку яе хрысьціянізацыі. У прыватнасьці, хрысьціянства на нашыя землі прыйшло напрыканцы X ст., але першыя шанаваныя на Беларусі сьвятыя адносяцца да пачатку ХІІ ст. – гэта значыць, што больш за 100 гадоў гісторыі хрысьціянства на Беларусі папросту выпадаюць.


І прычына гэтага ня ў тым, што мы нічога ня ведаем пра тыя часы, а ў нечым іншым. Магчыма, у элемэнтарным няведаньнем гісторыі. Што цікава, Х-ХІ стст. – гэта часы, калі хрысьціянства яшчэ было адзіным, калі яшчэ не адбыўся падзел на каталіцтва і праваслаўе (кіеўскія князі яшчэ ў 1070-я гады прызнавалі аўтарытэт Папы Рымскага – праз 20 гадоў пасьля вялікае схізмы). Такім чынам, папулярызацыя асобаў, якія спрычыніліся да пачатку хрысьціянізацыі Беларусі, можа весьціся і Каталіцкай, і Праваслаўнай цэрквамі, а значыць можа і дапамагчы ўмацаваць еднасьць і самасьвядомасьць беларускага народу.

Першая беларуская сьвяціцелька – гэта, безумоўна, князёўна полацкая Рагнеда Рагвалодаўна, якая была першай беларускай манахіняй. Менавіта яна заснавала пад Заслаўем першы ў сучаснай Беларусі кляштар і стала адной зь першых яго насельніц пад імем Анастасіі. Так, лёс князёўны няпросты, на яе сумленьні і спроба забойства яе мужа і гвалтаўніка Ўладзіміра Кіеўскага, але ж заснаваньне першага ў краіне кляштару таксама не малога каштуе. Варта ўлічыць і тое, як яна выхавала сваіх дзяцей: адзін яе сын Яраслаў Мудры быў кананізаваны, а другі – Ізяслаў Полацкі апісваецца як мужны, ціхі, міласэрны, лагодны і спакойны – выдатны прыклад хрысьціянскага гаспадара. Памерла Рагнеда ў 1000 годзе ў манастыры. Цалкам верагодна, што яе асабісты прыклад паўплываў на лёсы яе нашчадкаў - іншых полацкіх князёўн-манахінь: Еўфрасіньні (Прадславы) Полацкай, Еўдакіі (Гардзіславы), Зьвеніславы (Еўпраксіі), Еўпраксіі (Еўфрасіньні) Пскоўскай, Пракседы Полацкай. Здаецца, больш ні ў якіх усходнеславянскіх княствах не было столькі князёўн-манахінь.

Другі занядбаны сьвяціцель беларускіх земляў – Торвальд Вандроўнік. Будучы ўраджэнцам Ісьляндыі, ён каля 980 году прыняў хрост у Саксоніі. Пасьля няўдалае спробы хрысьціянізацыі роднае краіны, ён у 985 годзе наведаў Ерузалем, а затым і Канстантынопаль, дзе імпэратарам і патрыярхам быў прызначаны паўнамоцным пасланцом Бізантыі ў Полацку. Менавіта тут ён заснаваў першы мужчынскі беларускі кляштар сьвятога Яна, дзе і памёр каля 1002 году. Напрацягу доўгага часу ён шанаваўся палачанамі як мясцовы сьвяты, але зараз на яго забыліся.

Трэці беларускі хрысьціцель сёньня ўзгадваецца ў Беларусі часьцей за ўсё, але касьцёльнага шанаваньня яго пакуль неўзаважна. Сьвяты Брунон паходзіў з Саксоніі з арыстакратычнага роду. Спачатку ён служыў канонікам у нямецкім Магдэбургу, затым, прыняўшы ў 996 годзе манаства зь імем Баніфацы, быў манахам у бэнэдыктынскіх кляштарах Рыму і Равэны. У 1004 годзе ён быў прызначаны арцыбіскупам паганаў. Прапаведваў хрысьціянства ў Вугоршчыне, Русі (сустракаўся ў 1007 годзе з князем Уладзімерам), печанегаў, у Швэцыі. У 1008 годзе ён скіраваўся абвяшчаць Слова Божае прусам, аднак, навярнуўшы аднаго прускага караля, быў забіты пакутніцкай сьмерцю на мяжы "Прусіі, Русі і Літвы" – як мяркуецца, у сучаснай Беларусі. У 1024 годзе ён быў кананізаваны. Сьвяты Брунон даволі шырока шануецца ў Польшчы і нават у далёкіх ЗША, але не ў Беларусі, дзе загінуў.

Фігура апошняга сьвяціцеля таксама вартая ўзгадка, хаця ягоная асоба з усіх чатырох будзе найменш станоўча ўспрымацца Праваслаўнай царквой. Але для гісторыі каталіцтва на Беларусі ён важная фігура. Гаворка ідзе пра біскупа польскага Калобжагу, таксама ўраджэнца Саксоніі Рэйнбэрна. Ён стаў біскупам у 1000 годзе, і адразу пачаў спробу хрысьціянізацыі польскага Памор'я, аднак пасьля пачатку паганскага паўстаньня мусіў сваю місію спыніць. У 1013 годзе ён прыбыў у Тураў у сьвіце польскай князёўны – жонкі тураўскага князя Сьвятаполка. Аднак неўзабаве быў зьвінавачаны грэцкім сьвятаром Анастасам Карсунскім у распаўсюдзе лацінскага абраду, быў зьняволены ў вязьніцу ў Кіеве, дзе і памёр.

Такім чынам, у Беларусі вядомыя прынамсі чацьвёра сьвятароў, якія спрычыніліся да таго, каб нашая краіна стала хрысьціянскай. Хтосьці зь іх заснаваў першыя ў Беларусі кляштары, хтосьці загінуў пакутніцкай сьмерцю, але ўсе яны вартыя, каб іхныя імёны былі ўпісаныя чырвоныя ніткамі ў гісторыю беларускага хрысьціянства. Магчыма, некаторыя зь іх заслугоўваюць нават таго, каб быць кананізаванымі (Брунон ужо кананізаваны, але шанаваньне яго незаўважнае) і абвешчанымі прынамсі патронамі тых мясьцінаў, дзе яны жылі, служылі ці загіблі.  

Комментариев нет:

Отправить комментарий