вторник, 16 апреля 2013 г.

Як мае продкі Расею баранілі


Прынамсі чатыром маім продкам ў ХІХ ст. давялося паслужыць у расейскай імпэрыі. Камусьці зь іх пашчасьціла больш, камусьці менш.

Першым маім вядомым продкам, якога мабілізавалі ў царскую армію, быў Іван Мяцельскі (каля 1770-1861). Паколькі прозьвішча Мяцельскіх даволі распаўсюджанае, то даведацца адкуль ён паходзіў, невядома – хутчэй за ўсё зь сёньняшніх Беларусі ці Ўкраіны. У любым выпадку ў веку 20-25 гадоў яго заклікалі ў войска. Паколькі ў той час у Расеі існавала рэкруцкая павіннасьць, то служыць яму давялося 25 гадоў. У гады яго службы Расея вяла шэраг войнаў з Францыяй, Швэцыяй, Турэччынай ды на Каўказе. Хутчэй за ўсёй у нейкай зь іх ён дакладна ўдзельнічаў. Службу ж сваю ён скончваў, верагодна, у Бабруйскай фартэцыі, магчыма, удзельнічаў у яе будаўніцтве і руйнаваньні старога Бабруйска. Каля 1820 годзе яго з войска камісавалі, і ён пасяліўся ў вёсцы Ціўнавічы на захад ад Бабруйска, дзе ў яго ад мясцовай дзяўчыны Ульляны Міхалаўны (1796-1866) нарадзіўся сын, мой прапрапрапрадзед Савасьцян Мяцельскі (каля 1820-1850/1867).

Наступным рэкрутам сярод маіх продкаў быў Кузьма Іванавіч Мігуцкі (1812-1884). Паколькі Мігуцкія пражывалі ў сёньняшніх Барысаўскім і Пухавіцкім раёнах, то, хутчэй за ўсё, менавіта адтуль ён і паходзіў. На ягонае шчасьце на той час рэкруцкую службу ўжо скарацілі да 20 гадоў, так што служыць яму давялося менш. Малавверагодна, што ён удзельнічаў у якіхсьці вайсковых кампаніях. Службу ж ён таксама, пэўна, скончваў у Бабруйскай фартэцыі. Ён пасяліўся ва ўрочышчы Новікі зноў-такі на захад ад Бабруйска, а пасьля перасяліўся ў суседнюю вёску Красную. Ягоная дачка ад мясцовай дзяўчыны Ўршулі Іванаўны (1821-1884) – Настасься Мігуцкая (1861-?) у 1884 годзе выйшла за Адама Савасьцянавіча Мяцельскага (1847-?). Дарэчы, бралі шлюб яны ў вёсцы Панюшкавічы, дзе ў 1808 годзе нарадзіўся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (менавіта да парафіі царквы з Панюшкавічаў належылі і Красная, і Новікі, і Ціўнавічы і іншыя суседнія вёскі).

А вось наступны мой продак – Мікола Васілевіч Гацак (альбо Гацук) (1843-1903) зь Лейчыцаў (на поўдзень ад Бабруйска) служыў ці ня менш за ўсіх. Яго мабілізвалі неўзабаве пасьля нараджэньня ягонага старэйшага сына і майго прапрадзеда Ульляна Гацака (1866-каля 1920). У войску ён даслужыўся да званьня старшага унтэр-афіцэра. Дзякуючы вайсковай рэформе Аляксандра ІІ, тэрмін службы яму скарацілі і ў 1874 годзе ён ужо змог вярнуцца да сям'і ў Лейчыцы.

Апошнім, хто з маіх продкаў паслужыў "царю і Отечеству" быў Рыгор Тарасавіч Габрусь (1838-1907) зь вёскі Казулічы (на ўсход ад Бабруйска). У войску ён атрымаў нейкую траўму і быў камісаваны. У 1883 годзе ў яго ад Гарпіны Лявонаўны Сухабачонак (1858-?) нарадзіўся мой прапрадзед Платон Габрусь (1883-1942).

А вось прадзед маёй жонкі Надзеі – Люцыян Эдвардавіч Карвацкі (1893-1965) ужо дакладна паўдзельнічаў ў вайсковых дзеяньнях за Расею. У 1915 годзе яго, ураджэнца вёскі Брудзэў Каліскай губэрні Царства Польскага мабілізавалі ў імпэратарскую армію, і ён да 1917 года ваяваў супраць дзяржаваў Траістага саюза, а ў 1917 годзе павярнуў зброю ўжо прыгнятальнікаў працоўнай клясы. У 1919 годзе ў Менску ён пабраўся шлюбам са Стафаніяй Супрыновіч (1899-1984) з Ракава. 

Комментариев нет:

Отправить комментарий