среда, 10 апреля 2013 г.

Як узьнікалі хрысьціянства і іслам?


Вось ужо амаль паўтары тысячы год дзьве сусьветныя рэлігіі - хрысьціянства і іслам – знаходзяцца ў стане перамнентнай вайны, ахвярамі якой сталі, мяркуючы па ўсім, мільёны чалавек. На чыім жа баку праўда? Паспрабуем гэта вызначыць, ня лезучы ў багаслоўскія джунглі, а паглядзеўшы на гісторыю ўзьнікненьня і распаўсюду гэтых рэлігій. 

У пачаткаў ісламу і хрысьціянства ёсьць шмат агульнага. Так, абедзьве рэлігіі ўзьніклі на Блізкім Усходзе і ўзводзяць свае карані да веры Абрагама. Абодва заснавальнікі рэлігій былі людзьмі простага стану і зараблялі сабе на хлеб уласнай працай: Езус быў плотнікам, Мухамед – гандляром. Дый прапаведваць яны пачалі ў даволі позьнім веку: Езус – у 30 гадоў, Мухамед – 43. Але на гэтым падабенствы гэтых гістарычных асобаў і іх дзейнасцьці скончваюцца. 

Пасьля перасяленьня з Мекі ў Медыну ў 622 году выяўляецца відавочны агрэсіўны характар ісламу, бо менавіта ў гэты час, празь дзевяць год ад пачатку прапаведваньня, пасьля непрацяглага перасьледу пачынаецца гвалтоўнае стварэньне ісламскай дзяржавы. Езус жа нават, калі яго забіралі на суд, загадаў апосталу Пятру схаваць свой меч.
Для параўнаньня першая хрысьціянская дзяржава Арменія стала такой толькі на пачатку IV стагодзьдзя (каля 301 году), гэта значыць амаль праз 300 год пасьля сьмерці яе заснавальніка. У Рымскай імпэрыі хрысьціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй толькі ў 380 годзе, гэта значыць праз 350 гадоў пасьля Хрыста. Пры гэтым усе гэтыя часы (і нават на пачатку IV стагодзьдзя) хрысьціянства падвяргалася масавым ганеньням і казьням, тады як ганеньні на мусульман не цягнуліся і дзевяці гадоў.

Што цікава, па ўсёй лёгіцы хрысьціянства за тры стагодзьдзі ганеньняў павінна было цалкам зьнікнуць ці ператварыцца ў маргінальную суполку ў лепшым выпадку некалькіх сотняў пасьлядоўнікаў. Але хрысьціянства наадварот толькі мацавалася, пакуль яго не пачалі прымаць на ўласную волю манархі.

Таксама варта адзначыць, што першым кіраўніком ісламскай дзяржавы быў Мухамед. Ён кіраваў ёю на працягу дзесяці гадоў да сваёй сьмерці ў 632 годзе, пашырыўшы межы дзяржавы амаль на ўвесь Арабійскі паўвостраў. Валадарства ж Хрыста не было, ці дакладней яно было не ад гэтага сьвету. Бліжэйшымі пераемнікамі ўлады Мухамеда былі ягоныя хаўрусьнікі, двое зь якіх Абу Бакр і Алі былі сваякамі прарока. Пасьля ж сьмерці Алі пасада халіфа, пераемніка Мухамеда, сталася спадчыннай. І да сёньня арабскія манархі ў тытул як пацьверджаньне сваёй улады ўключаюць тое, што яны ёсьць нашчадкамі Мухамеда. 

У хрысьціянстве ж, вядома, ніхто сваё паходжаньне ані ад Хрыста, ані ад апосталаў не выводзіць. Ды й ніхто зь іх сваякоў аніякіх пасадаў ніколі не займаў. Увогуле ж самі пасады кіраўнікоў хрысьціянскай царквы ў той ці іншай ступені былі выбарнымі, але ніяк не спадчыннымі. У мусульманаў жа халіфатам і умай кіравалі спадчынныя дынастыі халіфаў (Амеядаў, Абасідаў, Фатымідаў і Асманаў). 

Такім чынам, у параўнаньні з заснавальнікамі хрысьціянства, заснавальнікі ісламу падаюцца як племя качэўнікаў, якая для таго, каб зацьвердзіць свае падставы на ўладу і яе пашырэньне, прыдумала ідэалягічны падмурак у выглядзе рэлігіі. У лепшым выпадку Мухамед – гэта пасіянарны лідар свайго народу, кшталту Чынгісхана. Ідэалёгія ж хрысьціянства адпачатку ня мела ніякага дачыненьня да ўлады і была рэлігіяй засмучаных. 

Як жа распаўсюджваліся іслам і хрысьціянства пасьля зьяўленьня першых дзяржаў? У хрысьціянстве пераважаў місіянэрскі фактар. Менавіта такім чынам былі ахрышчаныя значная частка германскіх і славянскіх народаў, народу Каўказу, Этыёпіі, Ірляндыі. У больш позьні час хрысьціянства добраахвотна прынялі ўладары заходніх і ўсходніх славянаў, Вугоршчыны і Скандынавіі, шэраг народаў Расеі і трэцяга сьвету. Гвалтоўная хрысьціянізацыя ўжывалася ў дачыненьні балцкіх народаў і ў пэрыяд вялікіх геаграфічных паходаў, маючы пад сабой больш прагматычныя мэты дзяржаў-стваральніц новых імпэрыяў (у першым выпадку Нямеччыны, у другім – Гішпаніі, Партугаліі, Англіі і гэтак далей). 

Іслам жа адпачатку ствараўся як ваяўнічая рэлігія, якая распаўсюджваецца агнём і мячом. Інакш, як патлумачыць, што за 100 гадоў іслам заваяваў увесь Блізкі і Сярэдні Ўсход ды Паўночную Афрыку. На гэтых землях ужо не адно стагодзьдзе панавалі сусьветныя рэлігіі, але зараз знайсьці іх сьляды амаль немагчыма. Гэтак, зараастрыйскай была Пэрсія, Таджыкістан і Туркмэністан, хрысьціянскімі - сёньняшнія Ізраіль, Палестына, Сырыя, Лібан, Азербайджан, Ярданія, Эгіпет, Лібія, Альжыр, Тунісія, Марока, будыйскімі - Аўганістан і Пакістан. Больш за тое, у 732 годзе арабы, захапіўшы Гішпанію, уварваліся ў Францыю, а ў 751 годзе яны ўжо ваявалі ў Кітаі. І толькі моцныя войскі франкаў і кітайцаў здолелі спыніць ісламскую навалу на Эўропу і Азію і адстаяць свае цывілізацыі і рэлігіі. 

У больш позьні час ісламскія войскі захапілі тады хрысьціянскую Турэчыну (тады Анатолію), Балканы, а ў 1683 годзе спрабавалі захапіць Вену. Мірным шляхам іслам прынялі хіба што некаторыя цюрскія плямёны ды народы Паўднёва-Ўсходняй Азіі, але гэта было ўжо часы, калі пасіянарны выбух арабскіх плямёнаў згас.

Такім чынам, прынамсі мне, падаецца, што іслам і хрысьціянства адпачатку розныя рэлігіі, якія перасьледуюць розныя мэтыі дасягаюць іх рознымі сродкамі. Магчыма, карані ўсяго гэтага трэба шукаць яшчэ і ў тым, што ў цэнтры хрысьціянства знаходзіцца любоў, іслама – пакорнасьць. На маю ж думку, рэлігія, якая заклікае да міру, а не да вайны, і ёсьць прынамсі больш гуманнай і чалавечнай.

Комментариев нет:

Отправить комментарий