вторник, 4 сентября 2012 г.

Як лепш за ўсё заглушыць чужую ініцыятыву?

Бывае загарысься якой-небудзь ідэяй, спрабуеш яе рэалізаваць, сутыкаесься зь перашкодамі, памыляесься, але ўсё адно ідзеш далей, змагаесься зноў і зноў... Але раптам хтосьці, хто, ты лічаш, абавязкова падтрымае тваю ініцыятыву ці прынамсі ня будзе ёй перашкаджаць, бярэ і пляжыць яе па поўнай, прычым за тваёй сьпінай. І рукі апускаюцца, бо не разумееш за што і навошта.


Упершыню я сутыкнуўся з гэтым на другім курсе, калі мы стварылі суполку ў БДЭУ і неяк крыва, па-дэлетанцку спрабавалі нешта зрабіць. Спачатку ўсё ішло добра, ладзіліся імпрэзы, выдавалася газэтка, але на Міжнардны Дзень роднай мовы ў нас адбыўся першы правал: тое, што мы заплянавалі і шырока разрэклямавалі – забаранілі, адабралі памяшканьне. Безумоўна, мы былі расчараваныя, калі не казаць болей, але ж усё адно разьлічвалі на посьпехі ў будучым.

Аднак тут нас пачынае актыўна пляжыць на нефармальным форуме наргаса ананім: ды яны ніхто, яны толькі шуму могуць нарабіць і больш на нішто няздатныя. Усё б нічога, калі б раптам мы не даведаліся, што піша гэта наша знаёмая, якую мы лічылі калі не паплечніцай, дык прынамсі аднадумніцай. І тут такое... Ёй мы нічога не сказалі, але непрыемны ападак, як кажуць, застаўся...

Пасля гэтага суполка пачала гаснуць. Дадаліся ўнутраныя сваркі і крыўды, і ў выніку суполка зьнікла, не пражыўшы і году.

І вось зараз усё паўтараецца. Толькі зьявіліся якіясьці дасягненьні і магчымасьці, як на табе: вы нуль, кажа чалавек, які па родзе сваіх заняткаў, падаецца, мусіў бы цябе падтрымаць. Але ж не. Навошта падтрымаць, калі лягчэй раскрытыкаваць за тое, што ты робіш ня так? Да таго яшчэ й па-за вочы. Спадзяюся, на гэты раз "не загаснуць зоркі ў небе".

Комментариев нет:

Отправить комментарий