пятница, 7 февраля 2014 г.

Міграцыйная памылка

Здаецца, у дзявятай клясе на абласных зборах у Магілёве нам распавядалі, што ўрад ФРГ, маючы патрэбу ў гастарбайтарах, але баючыся наймаць югаславаў, вырашыў прыцягнуць працоўных мігрантаў з Турэччыны. Нямецкае кіраўніцтва спадзявалася, што тыя папрацуюць і вярнуцца да сваіх сем'яў у Малой Азіі, у той час як "небяспечныя" югаславы маглі б застацца на нямецкіх землях.


У выніку ў Нямеччыну хлынула хваля турэцкіх працоўных, якія ня толькі не вярнуліся дадому, але й прывезьлі сюды свае сем'і. Як сьледзтва - у Нямеччыне сёньня пражывае больш за 3 млн людзей турэцкага паходжаньня, далёкіх ад немцаў па мове, па веры, па культуры, па мэнталітэце і не жадаючых асымілявацца.

А югаславы, людзі ў значнай ступені аднае веры зь немцамі, блізкае культуры і мэнталітэту, не настолькі далёкія па мове, дый зьнешне больш падобныя да фольксдойчэ, былі адкінутыя. Але ж у іх стаць паўнавартаснымі грамадзянамі і нават асымілявацца было больш шанцаў, чым у туркаў. А значыць і этна-рэлігійныя праблемы былі б не такія вострыя, як здараюцца сёньня.

Падобную сытуацыю мы бачым і ў іншых краінах. Так, брытанцы больш радыя шматлікім мігрантам з арабскіх краінаў, Афрыкі, Індыі ці Пакістану, чым сваім эўрапейскім суседзям: палякам, румынам ды баўгарам. Расейцы таксама нявельмі радыя субратам па праваслаўнай веры малдаванам у той час, як у Маскве ўсё больш праяўляюцца прыкметы Масквабаду. Дый і да прадстаўнікоў "братніх народаў" беларусаў і ўкраінцаў там не заўсёды прыхільна ставяцца.

Дый Беларусь аніяк ня можа прыняць закон аб суайчыньніках замежжа і прыцягваць выхадцаў зь Беларусі на радзіму продкаў, але стварае кітайскія ды туркмэнскія астраўкі (насупраць МЗОРа ў Менску ўвосень ужо быў маленькі чайнатаўн). Між тым Белстат рапартуе: "Миграционный прирост за 2013 год составил 11 643 человека и компенсировал естественную убыль населения, обеспечив увеличение численности населения по сравнению с началом года на 4,2 тыс. человек". Хто гэтыя людзі, і каго яны кампэнсавалі? Ці не чакаць нам праблемаў ад гэтае міграцыі?

Адносны прыклад у міграцыйнай палітыцы для мяне - карта паляка, якая так ці інакш, але прыцягвае ў Польшчу людзей польскага паходжаньня, блізкае культуры і г.д., кампэнсуючы праблемы з нараджаймасьцю і ад'езд палякаў у Брытанію і Ірляндыю. Ці дадумаецца Беларусь да такога?

Комментариев нет:

Отправить комментарий