воскресенье, 10 марта 2013 г.

Фантазіі на тэму. Як Толкін ператварыў краіну хобітаў у СССР


Нядаўна мне давялося ліквідаваць значны прагал у сваёй адукацыі – прачытаць трылёгію вялікага ангельскага каталіцкага пісьменьніка Джона Толкіна "Уладар пярсьцёнкаў". Пра тое, што апісваемы тут Мордар ёсьць алюзіяй на Трэці Райх, і пра прысутныя тут хрысьціянскія матывы я быў начуты даўно. А вось сустрэча ў кнізе з апісаньнем СССР стала для мяне поўнай нечаканасьцю (дзеля справядлівасьці адзначу, што сам Толкін адмаўляў усялякія алегорыі ў сваіх творах).


З Савецкім Саюзам і/ці краінамі сацлягеру мы сустракаемся ў перадапошнім разьдзеле трэцяе часткі, што называецца "Навядзеньне парадку". У ім чацьвёрка хобітаў – Фрода, Сэм, Мэры і Пін – пасьля перамогі над Мордарам і яго ўладаром Саўранам нарэшце вяртаюцца дадому. Аднак некалі ціхая і мірная хабітанія прадстае перад імі паняволенай краінай, і гэта пры тым, што нават у выпаленых злом Ізэнгардзе і Мордары пачынаюць зьяўляцца першыя расьліны. Тут жа сытуацыя цалкам адваротная.

На ўезьдзе ў родны край хобітаў сустракаюць браму і частакольле (чытай жалезная заслона), якіх раней тут ніколі не было. Праехаць жа праз браму спакойна ня могуць нават жыхары Хабітаніі, слава пра подзьвігі якіх прагучала па ўсім Міжзем'і. Чым не савецкія ці польскія жаўнеры, якія, прайшоўшыся з баямі паў-Эўропы, вяртаюцца ў 1945 годзе на паняволеную камуністамі радзіму?

Далей болей. Новая Хабітанія паступова ператвараецца ў таталітарную дзяржаву. Тут забаронена прымаць прыежджых, есьці ў непрызначаны час, карыстацца поштай і гэтак далей. А ў выпадку жаданьня кудысьці паехаць, хобіты абавязкова павінны паведамляць пра гэта шэрыфу (параўнайце з пашпартнай сыстэмай для сялянаў, якая існавала ў СССР да 1974 году, а таксама з жорсткай рэглямэнтацыяй выезда за межы краіны). У Краі пануе даносьніцтва, і мясцовыя хобіты мусяць трымаць "язык за зубамі". "Ты ж ведаеш, казаць такое забаронена", - кажуць з жахам запужаныя хобіты. Вырасла ў тры разы пры новай уладзе і колькасьць шэрыфаў ды вартаўнікоў, якія замест навядзеньня парадку на вуліцах фактычна займаліся палітычным зыскам.

Пануюць жа ў нвоай Хабітаніі грамадзіны – бандыты, якія хоць і зьяўляюцца людзьмі, тым ня менш вельмі падобныя да оркаў-нацыстаў. Здаецца, вельмі трапнае апісаньне для прадстаўнікоў ВЧК-НКВД. Галоўная функцыя грамадзін наступная: "калі хтосьці абураецца – адразу цягнуць у вязьніцу". Да таго ж "яны распаўзаюцца паўсюль красьці – у іх гэта завецца "рэквізыцыяй" (падкрэсьлена мной)".

Больш за тое, некалі квітнеючая Хабітанія зараз галадае, у ёй не хапае прадуктаў, любімых хобіатамі піва ды тытуню, дроваў і гэтак далей. І гэта пры тым, што "год-та выдаўся неблагім". Усе прадукты ў хобітаў забіраліся і адсылаліся за мяжу – у саюзьніцкі Мордару Ізэнгард, дзякуючы чаму Лота Торбінс, які абвясьціў сябе Вярхоўным шэрыфам, атрымліваў грошы і трымаўся ва ўладзе. Чым не галадамор 1930-х гадоў у СССР, выкліканы тым, што ў сялянаў забіралі амаль усё і прадавалі гэта за мяжу ў абмен на золата для індустрыялізацыі?
Прысутнічае тут, дарэчы, і свая індустрыялізацыя. На месца былых хабітанскіх нораў ці аднапавярховых дамоў, зьявіліся двухпавярховыя "нікчэмныя сараі". Многія дамы былі разбураныя, гасьцініцы і карчмы ператвораныя ў казармы ці вязьніцы. Дрэвы, якія вельмі шанаваліся хобітамі, у тым ліку і славутае Дзеньнародзіннае дрэва, высякаліся і пакідаліся гніць на месцы (можна параўнаць з разбурэньнем храмаў у СССР).

"А што з млынам Пескамонавым было! Ціпун (ён жа Лота Торбінс – заўвага мая) яго разбурыў, прывёў нейкіх з бандыцкімі пысамі, яны яму новы пабудавалі, большы за былы і з усялякімі выкрутасамі… Ціпун заявіў, маўляў, новы млын меле хутчэй і лепш, і набудаваў яшчэ некалькі такіх. Ды адкуль узяць для новага млыну больш зерня? Яго і прывезьлі як на стары. А пры Шаркі (чараўніку Сарумане, які да таго быў гаспадаром Ізэнгарду) зусім малоць ня стала чаго. Цяпер ад гэтай махіны ніякае карысьці – толькі грукат, ды дым, ды копаць. Ва ўсім навакольлі вонь стаіць, спакою няма ні ўзень, ні ў ночы", - скардзяцца хобіты.

"Карацей, усяго рабілася менш, а прадпісаньняў больш – каб ніхто ня сьмеў хаваць майно, калі бандыты бадзяюцца з дому ў дом, здаецца для "справядлівага падзелу" (падкрэсьлена мной), а на самой справе ўсё граблі сабе, а хобітам адныя аб'едкі прадавалі ў казармах, усялякую сапсаваную поскудзь. Дрэнна было! Але як зьявіўся Шаркі, тут зусім немагчыма стала", - працягваюць яны.

І вось чацьвёрка хобітаў, якая прайшлася з баямі па Міжзем'і і заслужыла павагу ды славу ва ўсіх народаў, вяртаецца дадому. Закалённыя ў бітвах, яны не жадаюць мірыцца з новым ладам і ўздымаюць паўстаньне, падчас якога разьбіваюць грамадзінаў і зьвяргаюць Сарумана, які гіне ад рук свайго ж слугі.

Аднак такі шчасьлівы канец атрымаўся толькі ў рамане Толкіна. У рэчаіснасьці ж у СССР і ва Ўсходняй Эўропе, жаўнеры, якія вярнуліся з вайны, вымушаныя былі прыстасоўвацца. Многія ж зь іх апынуліся ў зьняволеньні, ці ў выніку даносаў, ці, як напрыклад, беларускія жаўнеры Арміі Андэрса, якія грамілі нацыстаў на Заходнім фронце, за вайну ў складзе ня той арміі. Усе ж антысавецкія паўстаньні ці партызанскія вайны скончыліся паразамі. Тым ня менш, Савецкі саюз праз пэўны час паў, хоць і не паўсюль.

Комментариев нет:

Отправить комментарий