суббота, 10 мая 2014 г.

Быў такі вэтэран...

Вось і мінуў чарговы 9 траўня. Прайшлі парады, фільмы на ваенную тэматыку, "все вспомнілі і погорділісь" і "поблагодарілі деда за победу". З гэтай нагоды мне ўзгадаўся лёс аднаго з вэтэранаў Другой сусьветнай - Фёдара Аляксеевіча Малышава.

Нарадзіўся ён у 1914 годзе у Петрыкаўскім раёне. З 1942 года быў у партызанах, камандаваў дывэрсійнай групай, якая пусьціла пад адхіл 19 нямецкіх эшэлёнаў. У жніўні 1944 года яму надалі звання Героя Савецкага Саюзу. Пасьля вайны Фёлар Малышаў працаваў загадчыкам лябараторыі ў АН БССР, быў кандыдатам навук. Яго імем названыя школа ў Менску, на яго доме ўсталяваная мэмарыяльная шыльда, а ў ягонай школе адчынены пакой баявой славы.

І вось гэты выбітны чалавек напачатку 90-х даверыў свае грошы адной з прыватных фірмаў, сродкі якой у 1996 годзе згодна з дэкрэтам прэзыдэнта былі пераведзеныя ў бюджэт. Укладчыкам Лукашэнка абяцаў вярнуць іхныя грошы, для чаго 23 кастрычніка 1996 года падпісаў адпаведны ўказ № 438. У чэрвені 1997 года падманутыя ўкладчыкі нават штосьці атрымалі. Але больш яны не атрымалі нічога.

У 2002 годзе Герой Савецкага Саюзу Фёдар Малышаў зьвяртаўся па дапамогу асабіста да прэзыдэнта з просьбай садзейнічання ў выкананьні падпісанага ім жа ўказу. "Уважаемый Александр Григорьевич! Прошу Вашего личного содействия, иначе Ваш указ № 438 исполняться не будет", - гаварылася ў звароце.

Але марна. 1 траўня 2005 года вэтэран памёр, а 16 студзеня 2014 года прэзыдэнт прызнаў узгаданы ўказ № 438 страцілым моц, паставіўшы кропку ў вяртаньні сродкаў падманутым укладчыкам (больш падрабязна можна прачытаць тут: http://telegraf.by/2014/03/sam-dal-obeschanie-sam-ego-zabral-18-let-borbi-obmanutih-vkladchikov).

P.S. Фёдар Малышаў жыў на праспэкце Машэрава. 7 траўня 2005 году, праз шэсьць дзён пасьля сьмерці Героя Савецкага Саюзу, Лукашэнка сваім указам перайменаваў яго ў праспэкт Пераможцаў. Як кажуць, па просьбах вэтэранаў...



Комментариев нет:

Отправить комментарий