среда, 16 апреля 2014 г.

Ренегат Россссіі-Матушкі

Зараз як ніколі сталі моднымі вершы й песьні на ўсіх моваў пра тое, што народы Беларусі, Украіны ды Расеі ці браты навекі, ці наадварот ніколі ня будуць братамі й г.д. Я за ўсе народы казаць не бяруся, але за сябе пару словаў напішу.

Якія крытэры высоўваюць адэпты трыадзінства "руссского" народу? Так, нейкая "Русская правда" дае наступныя прыкметы адзінства: адна мова, адзін род, адна кроў. Разьбярэм па частках:

1) Мова. Так, я вырас у расейскамоўнай сям'і, але ад дзяцінства, дзякуючы частым паездкам у вёску, меў непасрэдныя кантакты з жывой беларускай мовай. І мова гэтая далёкая ад расейскае. Больш за тое, мае бацька, які ў дзяцінстве шмат часу праводзіў у вёсцы, і маці, якая ў вёсцы вырасла, былі ад маленства беларускамоўнымі. І па-беларуску яны размаўлялі не таму, што іх у школах нейкія махровыя нацыяналісты навучылі, а таму што вёска размаўляла па-беларуску. І размаўлялі яны так задоўга да таго, як "палякі прыдумалі беларускую мову", што занатавалі нават расейскія праваслаўныя сьвятары ў мэтрыках, дзе імёны маіх продкаў падаюцца як Змитер, Ничипор, Самусь і г.д. Ды й прадзеда майго клікалі не Мефодіем, а так, як і за 400 гадоў да таго - Міхедам.

2) Род. Усе мае вядомыя продкі па ўсіх лініях (а я па розных лініях адкапаў інфармацыю да 1770-1850 гадоў) былі з Беларусі. Так, сучасныя тэхналёгіі паказалі, што мае прамыя продкі па мячы паходзяць не зь Беларусі, але й не з Расеі: яны паходзяць з паўночнае Польшчы й пэўны час жылі ў заходняй Ўкраіне, але зноў-такі не ў Расеі. Прызнаюся, у мяне ёсьць гіпотэза пра расейскае паходжаньне аднае зь лініяў, але, калі яна пацьвердзіцца, то гэтыя мае продкі ўцяклі з Расеі яшчэ 300 год таму, ратуючыся ў каталіцкай Рэчы Паспалітай ад перасьледу ў Масковіі.

3) Кроў. Кроў мая, як паказаў аналіз ДНК, таксама мае ня так шмат агульнага з кроўю расейцаў. Яна ня фіна-ўгорская, ня цюрская й нават не славянская. Яна балцкая.

Часьцяком узгадваецца яшчэ адзін крытэр "еднасьці" - вера. Але, зноў-такі, я не належу ані да Маскоўскга патрыярхату, ані да праваслаўя - я каталік. 

Супольная гісторыя? Але якая можа быць супольная гісторыя ў маіх продкаў, што жылі ў польскім Памор'і, украінскім Падольлі ды Бабруйшчыне з жыхарамі, напрыклад, Архангельску ці Тулы? Супольныя войны, рэпрэсіі і бесчалавечнае стаўленьне з боку кіроўных вярхоў? Хіба, што так. Больш нічога да галавы не прыходзіць. Ніякіх мірных і цывільных сувязяў не ўзгадваецца.

Дый за 26 гадоў жыцьця, прызнаюся, мяне не асабліва цягнула да "Расеі-Матушкі". Бываў я ёй толькі толькі пару разоў, дый тое не па сваёй волі, дый тое зусім у маленстве, дый тое ў Калінінградзкай вобласьці. Так што няправільны зь мяне брат "великорусссково народа" ды "Росссии-матушки" атрымліваецца.

Комментариев нет:

Отправить комментарий