суббота, 26 октября 2013 г.

Архіўная справа: КДБ супраць ФСБ

З набліжэньнем чарговае гадавіны памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў узгадалася мая перапіска з архівамі КДБ Беларусі і ФСБ Расеі ў справах маіх рэпрэсаваных сваякоў.


Так сталася, што мае сваякі за савецкім часам былі рэпрэсаваныя як у Беларусі, так і Расеі, куды яны выехалі на пачатку ХХ ст. У сям'і пра іх ніхто нічога не казаў, а, магчыма, нават і ня ведаў, бо гэта не мае прамыя продкі, а іх браты ды сёстры. Даведаўся я пра іх, дзякуючы сайтам http://lists.memo.ru/ і http://www.marakou.by/. Паколькі на той момант я ўжо назьбіраў пэўную генэалягічную базу у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, то я здолеў ідэнтыфікаваць некаторых асоб з гэтых сайтаў як братоў маіх продкаў: Міхала Гацака, Пятра Сідаровіча, Язэпа Пыжа, Макара Пуцікава і яго дачкі Хрысьціны.

Каб даведацца іхныя біяграфіі, я зьвярнуўся ў архівы КДБ Беларусі і ФСБ Расеі. З архіваў УФСБ па Цюменскай і Хабараўскай абласьцёў РФ мне даслалі біяграфіі рэпрэсаваных сваякоў з выпіскамі з дакумантаў і прапанавалі, калі я хачу азнаёміцца непасрэдна са справамі – даслаць ім дакуманты, што пацьвярджаюць сваяцтва.

У беларускім КДБ у мяне такія дакуманты запатрабавалі адразу. Іронія лёсу ў тым, што менавіта па тых, каго рэпрэсавалі ў Беларусі, дакумантаў і не хапае. У прыватнасьці, у НГАБ не захаваліся мэтрыкі іх нараджэньняў, якія маглі б пацьвердзіць, што Пятро Платновіч Сідаровіч і Язэп Хведаравіч Пыж – мае сваякі. А бяз гэтага ніякіх зьвестак з Камітэту дзяржбясьпекі не выдаюць.

У выніку архіў КДБ для мяне пакуль застаецца зачыненым. І ня толькі для мяне. Рэпрэсіі ў Беларусі - па-ранейшаму таямніца за сям'ю пячаткамі.

Комментариев нет:

Отправить комментарий