суббота, 26 октября 2013 г.

Беззаганнае зачацьце Дарта Вэйдэра

Чарговы прагляд "Зорных войнаў" падштурхнуў мяне да пэўных аналёгіяў біяграфіі Энэкіна Скайўокера (будучы Дарт Вэйдэр) з жыцьцём Езуса Хрыста. Ці былі гэтыя аналёгіі наўмысна закладзеныя аўтрамі фільму з зьмест ці папросту сталіся вынікам хрысьціянскае культуры, у якой яны так ці інакш выхоўваліся, невядома.

І так. Энакін Скайуокер ня меў бацькі і, паводле рыцараў джэдаяў, быў пачаты мідыхлярыянамі, мікраскапічнымі формамі жыцьця, што жывуць ува ўсім жывым і дапамагаюць адчуваць і кантраляваць Моц. Энакіну была прадказаная роля мэсіі – ён мусіў расправіцца з Сытхамі і ўраўнаважыць Моц у сусьвеце. Апісваецца ж ён як вялікі канцэнтраваньне Моцы ў жывой істоце.

Жыў Энэкін на плянэце Татуін, што сваім выглядам і архітэктурай нагадвае Блізкі Ўсход. Імя ягонае маці Шві мае габрэйскія карані, яго можна перакласьці як "Маё імя". Як і бацькі Езуса, маці Энэкіна была небагатая (дакладней рабыней). Падобна юнаму Хрысту, які ў Ерузалемскім храме зьдзівіў усіх Сваёй мудрасьцю, так і малы Энэкін паказвае дзіўныя здольнасьці, праўда ў тэхніцы і лятунстве.

Разам з тым у сталым веку Энакін Скайуокер збочвае з прадказанага шляху і паддаецца спакусе, перадусім, насуперак забаронам ён закахаўся ў прынцэсу Падмы і ўступіў зь ёй у інтымную сувязь, якую яны хаваюць ад астатніх. У выніку празь некаторы прынцэса зацяжарвае, і ўсе думкі і клопаты Энэкіна з гэтага моманту сканцэнтраваныя на ёй (тут можна ўзгадаць скандальны фільм "Апошняя спакуса Хрыста").

Жадаючы выратаваць жыцьцё сваёй жонкі, Энакін падпадае пад уплыў уладара Сытхаў, схіляецца перад ім і прыносіць яму клятву вернасьці, сьледзтвам якой стала амаль поўнае зьнішчэньне джэдаяў. Больш за тое, як высьвятляецца, Энэкін нават выношвае пляны па забойстве ўладара Сытхаў і захопе з дапамогай цёмнае Моцы ўлады над сусьветам. Мне гэта нагадвае спакушэньне д'яблам Хрыста ў пустыні. І ў выніку ўсяго гэтага Энэкін Скайўокер, які мусіў стацца абраным і збавіць сусьвет, робіцца пэрсаніфікацыяй зла – Дартам Вэйдарам.

Езус Хрыстус жа застаўся паслухмяным ажно да смерці крыжовай.

Комментариев нет:

Отправить комментарий