суббота, 4 мая 2013 г.

Мае продкі на Другой сусьветнай вайне

Набліжаецца 9 траўня – дзень заканчэньня Другое сусьветнае вайны на Эўрапейскім кантынэнце. У нашым рэгіёне звычайна забываюцца, што вайна распачалася не 22 чэрвеня 1941 году, а 1 верасьня 1939-га. Пры гэтым ад самога пачатку ў ёй удзельнічалі і савецкія грамадзяне ў якасьці нямецкіх хаўрусьнікаў – падчас паходу савецкае арміі ў Польшчу ў 1939-м годзе і ў Савецка-фінскай вайне 1939-1940 гадоў. І толькі ад лета 1941 года, з пачаткам Вялікае айчыннае вайны, сталінскі СССР стаў праціўнікам гітлераўскай Нямеччыны. Так сталася, што ўва ўсіх гэтых войнах "пашчасьціла" ўдзельнічаць маім прадзядам. І вось пра гэта больш падрабязна:

Міхед Ульлянавіч Гацак (1903-1979)

У вайсковым білеце майго прадзеда Міхеда (Мяфодзя) Гацака нічога ня кажацца, што ён удзельнічаў у вайсковых дзеяньнях да 1941 году, хаця нават з успамінаў ягоных дзяцей вядома, што прынамсі ў вайне зь фінамі ён удзельнічаў. Аднак адзін запіс у білеце дае падставы меркаваць, што ваяваў ён і з палякамі ў верасьні 1939 году.

У дакумэнце гаворыцца, што 7 верасьня 1939 году Міхед Гацак зь вёскі Лейчыцы Бабруйскага раёну быў мабілізаваны на вялікія навучальныя зборы ў 62-ы артылерыйскі полк, які ўваходзіў у склад 8-е стралковае Менскае Чырвонаштандарнае ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу дывізіі імя Ф.Э.Дзяржынскага. А гэтая 8-я дывізія якраз і ўдзельнічала ў савецкім уварваньні ў Польшчу 17 верасьня. Празь Нясьвіж, Сноў, Баранавічы, Ружаны, Пружаны ды Берасьце яна дайшла з баямі да Белай-Падляскай.

7 студзеня 1940 году 8-я стралковая дывізія была выведзеная з Польшчы і 22 студзеня яна ўвайшла ў склад войскаў Паўночна-Заходняга фронту, распачаўшы тым самым свой удзел у Савецка-фінскай вайне. Ваявала яна на Карэльскім перашыйку, атакавала паўночна-ўсходняе ўзьбярэжжа возера Муалаан-ярві (цяпер Глыбокае) і гэтак далей. 1 красавіка яна была выведзеная з памежнае паласы, а 27 красавіка пераведзеная ў Беларусь у раён Берасьця. Верагодна ў Берасьці майго прадзеда і звольнілі ў запас 20 траўня 1940 году. Аднак ніводнае згадкі пра ягоны вайсковы ўдзел у гэтым часе ў вайсковым білеце ня слова. Пэўна, саветам было не зусім ёмка ўзгадваць падзеі 1939-1940 гадоў.

22 чэрвеня 1941 годзе распачалася ўжо вайна зь немцамі. У чырвоную армію пачалі пасьпешліва мабілізоўваць людзей, аднак мой прадзед ад гэтай мабілізацыі здолеў ухіліцца. Магчыма, менавіта гэта і ўратавала яму жыцьцё і жыцьці ягоных дзяцей. Аднак, ухіліўшыся ад саветаў, яму пасьля давялося хавацца і ад немцаў. Яго як "парцейнага" шукала новая нямецкая адміністрацыя. Каб выманіць яго, чацьвёра ягоных дзецяй (у тым ліку і мой пяцігадовы дзядуля) былі ўзятыя ў закладнікі і зьняволеныя ў Бабруйскай фартэцыі. Праз два тыдні дзяцей усё-ткі вызвалілі і сям'я здолела злучыцца. Цяпер хавацца даводзілася як ад немцаў, так і ад партызанаў.

Але тут надышоў 1944 год. Бабруйшчына была вызваленая ад немцаў, і 30 чэрвеня мой прадзед быў зноў мабілізаваны. У ліпені ён увайшоў у 356-ы артылерыйскі Далёкаўсходні ордэна Аляксандра Неўскага полк. Полк уваходзіў у склад 102-е Далёкаўсходняе Ноўгарад-Северскае ордэна Леніна Чырвонаштандарнае ордэна Аляксандра Суворава дывізіі. 3 верасьня 1944 году дывізія, прайшоўшы празь Беларусь выйшла да ракі Нараў, баі ля якой вяла ажно да студзеня 1945 году.

Падчас Усходне-Прускае апэрацыі з 13 студзеня 1945 наступае з Нараўскага пляцдарму, выйшла да Млаўскага ўмацаванага раёну, працягнула наступ у кірунку на Эльбінг, куды выйшла ў студзені 1945, і затым вяла баі ў тым самым раёне, наступаючы на Браўнзбэрг, ліквідуе хайлінгбойльскую групоўку ворага. Так, 21 лютага 1945 вядзе бой каля населенага пункта Шэндамэраў (Усходняя Прусія, цяпер Дамброва). У канцы красавіка-пачатку траўня 1945 часткай сіл вяла баявыя дзеянні на касе Фрышэс-Нэрунг, а іншай часткай выконвала задачы кашталянскай службы ў горадзе Эльбінгу. Скончыла вайну большай часткай у горадзе Браўнзбэрг. 9 траўня 1945 дывізія выйшла ў сяло Толькеміт на ўзбярэжжа заліва Фрышэс-Гаф, насупраць косы Фрышэс-Нэрунг – цікава, што гэта практычна тыя землі, адкуль згодна з аналізам ДНК і паходзяць Гацакі.

У палку мой прадзед служыў павозачным вайсковага лазарэту. Узнагароджаны мэдаелём "За баявыя заслугі" за тое, што "ён за час зімовых наступальных баёў па зьнішчэньні ўсходне-прускай групоўкі праціўніка ў любых умовах баявой абстаноўкі з клопатам ставіўся да захаваньня конскага складу, які выйшаў з бою па раненьні". Таксама ўзнагароджаны 9 чэрвеня 1945 медалём “За ўзяцьцё Кёнігзбэргу”, 9 траўня 1945 – “За Перамогу над Нямеччынай”.

Міхед Гацак быў дэмабілізаваны 17 жніўня 1945 году і неўзабаве павярнуўся ў родныя Лейчыцы. Пэўны час працаваў старшынёй калгасу, а пасьля брыгадзірам.

Канстанцін Іванавіч Балдзенка (1902-1976)

Пра гэта майго прадзеда, на жаль, вядома ня так шмат, бо вайсковага білету не захавалася. Тым ня менш, успаміны і іншыя дакумэнты ўсё-ткі даюць нейкае ўяўленьне пра ягоны вайсковы шлях.

Жыхар вёскі Ганчароўка пад Бабруйскам Кастусь Балдзенка як і Міхед Гацак удзельнічаў у савецка-фінскай вайне і нават быў паранены. Прычым паранены ён быў не абы-чым, а дзідай(!). Як гэта так атрымалася і чаму фіны кідаліся дзідамі, невядома.

Ці быў ён мабілізаваны ў 1941 годзе таксама таямніца. У любым выпадку вайну да 1944 году ён пражыў у сваёй вёсцы зь сям'ёй. Пры гэтым даставалася яму як ад партызанаў, так і ад немцаў. Першыя прыходзілі рабаваць і аднойчы ў пошуках сала нават ставілі прадзяда "да сьценкі", пагражаючы расстраляць. Іншыя зрабілі ў прадзедавай хаце сваю камэндатуру, а яго з жонкай і дзецьмі (ягоны цесьць быў спалены немцамі ў 1942 годзе ў Казулічах) перасялілі ў сарай. Напамінам пра прысутнасьць у хаце немцаў ёсьць нямецкая парцэляна са свастыкай, што захавалася да сёньня.

Улетку 1944 году Кастусь Балдзенка быў таксама мабілізаваны ў Савецкую армію. Як і Міхед Гацак ён патрапіў у 102-ю стралковую дывізію. 10 кастрычніка 1944 году "пры прарыве абароны праціўніка ў раёне горада Рожан на заходнім беразе ракі Нараў (сёньня Ружан у Макоўскім павеце Мазавецкага ваяводзтва Польшчы – заўв.) пры нападзе на варожыя траншэі ад варожага снарада быў засыпаны і моцна кантужаны камандзір узвода малодшы лейтэнант Хасанаў, тав. Балдзенка, рызыкуючы жыцьцём, пад моцным артылерыйскім агнём праціўніка адкапаў камандзіра і вынес яго ў сховішча, чым выратаваў яму жыцьцё. Пасьля чаго вярнуўся ў баявыя парадкі і працягваў весьці бой за першыя траншэі. Паказваючы прыклад харобрасьці і адвагі ён закідаў гранатамі двух нямецкіх салдат". За гэты подзьвіг мой прадзед быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені.

Больш пра ягоны вайсковы шлях нічога невядома. Пасьля вайны Кастусь Балдзенка вярнуўся да сям'і ў Ганчароўку, працаваў у калгасе кавалём.

Павал Платонавіч Сідаровіч (1909-1941)

Павал Платонавіч Сідаровіч зь вёскі Каты Бабруйскага раёну таксама ўдзельнічаў у Савецка-фінскай вайне ў 1940 годзе. У чэрвені 1941 года ён быў паўторна мабілізаваны ў Чырвоную армію. Разам зь іншымі быў узяты ў палон ля вёскі Гарбацэвічы на захад ад Бабруйску. Яго інтэрнавалі ў Бабруйскую фартэцыю, дзе 7 лістапада 1941 году спалены жыўцом немцамі разам з 1700 іншых савецкіх ваеннапалонных:

"У хуткім часе гітлераўцы вырашылі расправіцца з палоннымі. Свой крывавы план яны прымеркавалі да свята Кастрычніка. Яшчэ задоўга да гэтага дня на гарышча і ў закрытыя памяшканні казармаў былі дастаўлены лёгкія на загаранне рэчывы. Пажар пачаўся, як і прадугледжвалася камендантам лагера, 7 лістапада. Вакол казармаў загадзя было пастаўлена па кулямёту кожнага боку. Таму людзі, якія выбягалі з палаючых памяшканняў, траплялі пад перакрыжаваны агонь, які да таго ж вёўся з блізкай адлегласці. Вельміж многія, дзеля таго каб выратавацца, падалі на зямлю, прытвараліся забітымі. Некаторыя паспелі схавацца ў патаемных месцах казармаў і падвалаў. Узмоцненая ахова лагера не здымалася да 5 гадзін раніцы 9 лістапада. Забітыя, параненыя і тыя людзі, што сцішыліся, каб выжыць, ляжалі ўвесь гэты час пад адкрытым небам. Калі толькі хто-небудзь спрабаваў паварушыцца — раздавалася кулямётная чарга. Фашысты за ўвесь гэты час на тэрыторыю лагера не ўваходзілі. Толькі на досвітку ў ранішняй цішыні прагучала каманда: «Жывым устаць і сабрацца ў адно месца!» Пачалася праца. Ваеннапалонныя складвалі сваіх забітых сяброў на насілкі, тачкі, вазы і вывозілі целы мерцвякоў за крапасны вал, на Бярэзінскі фарштат, дзе іх закопвалі ў равах. Раненых, якія не маглі ўзняцца і працаваць, гітлераўцы дабівалі на месцы. На тэрыторыі крэпасці, дзе ўтрымлівалася тады 17 тысяч чалавек, толькі за адну ноч ад пажару загінула 1700 ваеннапалонных". (Памяць. Бабруйск. - Мн.: Вышэйшая школа, 1995. - 370-371 ст.)

У Катах ў Паўла Сідаровіча засталіся жонка Ніна Сьцяпанаўна зь Мяцельскіх і двое малых дзетак. Да канца жыцьця мая прабабуля так замуж больш і ня выйшла. Адзначу, што напачатку вайны яна некалькі дзён хавала ў сараі савецкага жаўнера, які прарываўся ў абкружэньня.

Пятро Данілавіч Пуцікаў (1905-1941?)

Пятро Пуцікаў да вайны жыў у вёсцы Новая Вёска, якая зараз уваходзіць у склад памянёнай вышэй Ганчароўкі. У 1940 годзе ён вярнуўся з Савецка-фінскай вайны, а ў 1941 годзе сышоў на Вялікую айчынную. Зь яе ён ня вярнуўся. Калі ў 1944 годзе Бабруйшчына была вызваленая, ягонай жонцы і маёй прабабулі паведамілі, што ён зьнік бяз вестак у жніўні 1944 года. Аднак, хутчэй за ўсё, ён загінуў на самым пачатку вайны недалёка ад роднае хаты.

Тым ня менш, прабабуля – Надзея Андрэеўна з Чысловых - чакала яго да самае свае сьмерці ў 1994 годзе. У яе засталося трое сыноў і адна дачка, мая бабуля. Паводле ўспамінаў, на самым пачатку вайны партызаны накіроўвалі яе ў вёску Цітаўка (цяпер у складзе Бабруйска), каб даведацца, дзе знаходзяцца немцы. Пазьней падвяргалася рабаваньням партызанаў. Пасьля вайны яе пад пагрозай дэпартацыі ў Менск змусілі ўступіць у калгас.

Комментариев нет:

Отправить комментарий