понедельник, 29 октября 2012 г.

Жывыя імёны расстрэльнай статыстыкі, або як бальшавіцкія рэпрэсіі прайшліся па маёй сям'і


Сёньня, у ноч з 29 на 30 кастрычніка, спаўняецца роўна 75 гадоў з беларускай "крыштальнай ночы", калі ў Менску ва ўнутранай турме КДБ была расстраляна больш за 100 дзеячоў беларускай мастацкай, навуковай і палітычнай эліты БССР. Гэта дзень па праве лічыцца Днём памяці ахвяраў бальшавіцкага тэрору на Беларусі.

У нашай сям'і ўспамінаў пра тое, што хтосьці са сваякоў быў рэпрэсаваны за савецкім часам, не захавалася. Падавалася, што рэпрэсіі не закранулі нашае сям'і, не прайшліся па простых сялянах, якімі былі мае продкі. Але так толькі падавалася. Сталінскі тэрор прайшоўся і па іх.


Першай ахвярай бальшавізму з маіх продкаў можна лічыць майго прапрадзеда Ульляна Гацака зь вёскі Лейчыцы Бабруйскага павету. Калі верыць расповядам траюраднага брата майго бацькі, ён згарэў жыўцом у сваёй жа хаце, якую падпалілі ягоныя парабкі. Жонка зь дзецьмі пасьпелі ўратавацца, а ён загінуў. Тым ня менш, дакумэнтальных пацьверджаньняў гэтае гісторыі няма. Аднак яны ёсьць у дачыненьні брата Ульляна – Міхала Гацака, які пасьля ўдзелу ў расейска-японскай вайне застаўся ў Сыбіры і працаваў там на Амурскай чыгунцы. У 1932 годзе яго арыштавалі і зьвінавацілі паводле артыкулу 58-10 КК РСФСР “за антысавецкую агітацыю супраць мерапрыемстваў, якія ладзяцца савецкай уладай”. Аднак Міхалу пашчасьціла, што гэта быў 1932 год, а не 1937-ы – яго апраўдалі і вызвалілі. Што сталася зь ім далей невядома.

Разам з тым іншым маім сваякам, якія таксама перасялілся з-пад Баруйску ў Сыбір, пашчасьціла ня так. Брат майго іншага прадзеда Макар Пуцікаў з сям'ёй пераехаў з бабруйскіх Хімоў у сучасную Цюменскую вобласьць Расеі яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя, верагодна, у межах аграрнае рэформы Сталыпіна і пасяліўся на хутары. У 1935 годзе ён стаў вартаўніком царквы ў суседнім сяле Веліжаны. Як вынік, 27 сакавіка 1937 года да яго прыйшлі. Яго зьвінавацілі па тым самым артыкуле 58-10 за тое, што "вёў контррэвалюцыйную агітацыю супраць калгасаў, усхавляў аднаасобнае жыцьцё, распаўсюджваў паразьніцкую агітацыю. Выказваў пагрозы тэрхарактару ў дачыненьні сельскага актыву. Узначальваў царкоўную раду, ладзіў незаконныя зборы грашовых сродкаў сярод насельніцтва на рамонт царквы". Сьледзтва не было доўгім, і 5 верасьня яго прысудзілі да расстрэлу. Праз тры дні яго, 8 верасьня 1937 года, расстралялі. 

Такі самы лёс чакаў і ягоную старэйшую дачку Хрысьціну, якая была прыбяральшчыцай і вартаўніцай у Веліжанскай царкве. 30 ліпеня 1937 году яе арыштавалі, а 14 кастрычніка 1937 года расстралялі за тое, што "зьяўляючыся актыўнай сяброўкай контррэвалюцыйнае паўстанцкае арганізацыі, выконвала загады кіраўніка контррэвалюцыйнае арганізацыі. Выказвала сярод царкоўнага актыву сваё незадавальненьне існым ладам, чакаючы пры гэтым на зьмену радзецкае ўлады. Выказвала паразьніцкія настроі".

Расстралялі роднага брата і майго іншага прадзеда – Пяра Сідаровіча зь вёскі Каты на паўночны захад ад Бабруйска. У адрозьненьні ад папярэдніх, ён у Сыбір не выяжджаў, яго забілі на роднай Беларусі. У 1937 годзе яго арыштавалі ў Клімавічах, дзе ён працаваў настаўнікам.  5 студзеня 1938 года за «дывэрсійную дзейнасьць» Пятра Сідаровіча асудзілі да вышэйшае меры пакараньня. Кулю ў патыліцу яму пусьцілі 19 лютага 1938 года ў Магілёве.

Патрапіў пад канвэер сталінскіх рэпрэсіяў і яго дзядзька з матчынага боку - Язэп Пыж з суседняе вёскі Саломенка. Яго, бухгалтара райпрамкамбінату ў Асіповічах, арыштавалі 2 ліпеня 1938 году. Як "польскага агента", роднага брата маёй прапрабабулі 11 кастрычніка прысудзілі да 10 гадоў лягероў у Мардовіі. Аднак у той час рэпрэсіі ўжо пайшлі на спад, і 11 красавіка 1940 году яго рэабілітавалі. Тым ня менш, празь пяць гадоў яго за "пасобніцкую і антысавецкую дзейнасьць" у гады вайны арыштавалі паўторна. 15 траўня 1946 году Язэпа Пыжа зноў накіравалі ў ссылку, на гэты раз на пяць гадоў.

Што цікава, даведацца падрабязнасьці пра лёс сваякоў, якіх рэпрэсавалі ў Расеі, аказалася значна прасьцей. Пасьля першага ж запыту ў адпаведныя структуры расейскага ФСБ, мне даслалі кароткі зьмест іх справы. У беларускім жа КДБ пасьля падобнага запыту ад мяне запатрабавалі пацьвердзіць сваяцтва з Язэпам Пыжом і Пятром Сідаровічам, аднак, на жаль, менавіта ў дачыненьні да іх у Нацыянальным архіве не захавалася мэтрык іхняга нараджэньня. Так што азнаёміцца зь іх справамі ў мяне не атрымалася. Даводзіцца чакаць лепшых часоў, калі архівы КДБ стануць здабыткам грамадзкасьці і больш ня будуць засакрэчанымі.

P.S. Сярод расстраляных 29 кастрычніка 1937 года ў Менску быў і беларускі пісьменьнік Платон Галавач, ураджэнец вёскі Пабокавічу на захад ад Бабруйска. Цікава, што менавіта з гэтае вёскі ў Каты перасяліўся бацька майго прадзеда Паўла Сідаровіча і ягонага брата Пятра – Платон Сідаровіч. Жылі ў Пабокавічах мае продкі, прынамсі, з пачатку ХІХ стагодзьдзя. Так, што і гэтая дата, 29.10.1937, мае непасрэднае дачыненьне да мае сям'і.


Комментариев нет:

Отправить комментарий