понедельник, 1 октября 2012 г.

Цяпер і па-беларуску (відэа)


Ідэя стварэньня ўласнага леманатара ў нас зьявілася даўно, калі мы вырашылі вучыць нашу Рагнеду чытаць. Аднак, як высьветлілася, ня ўсё так проста: у Менску амаль не знайсьці лемантары для зусім маленькіх дзетак, у якіх былі б проста намаляваныя літары і малюнкі да іх. Прычына таму – славутае беларускае дзьвюхмоўе, якое дазваляе папросту не зьвяртаць увагу на беларускую мову.

Так, ёсьць лемантары для старэйшых дзетак (4-6 гадоў), але для дзетак 1,5-3 гады такіх лемантароў папросту не знайсьці. Да таго ж тыя беларускія лемантары, якія даводзілася знаходзіць, намаляваныя так, што іх адкрываць страшна нават даросламу. Таму і даводзілася нам спачатку вычуць, што на літару А пачынаецца "бусел", на Б – "вавёрка" і гэтак далей.

У выніку мы вырашылі надрукаваць уласны лемантар, зрабілі яго канцэпцыю, прыдумалі, што і на якую літару маляваць. Засталося самае нязначнае – намаляваць. Але нашыя "мастацкія здольнасьці" гэта зрабіць аніяк не дазвалялі. Тады мы знайшлі мастакоў, якія пагадзіліся намаляваць лемантар. Але, пэўна, праз тое, што фінансавага стымулу для іх не было, ідэя, рэзка ўспыхуўшы, гэтаксама жа і згасла. І стварэньне лемантару зноў спынілася.

Час ішоў, і тут мы заўважылі, што ў інтэрнэце таксама няма відэалемантароў па-беларуску: ёсьць па-расейску, ангельску, польску, а па-беларуску няма ніводнага. І мы вырашылі паспрабаваць і стварыць першы відэалемантар на роднай мове. А паколькі лемантар мы стваралі самі, то вырашылі дадаць у яго і пэўны каталіцкі і гістарычны ўхіл, каб дзетак, якія раптам паглядзець відэалемантар, з самага дзяцінства знаёміць з хрысьціянствам ды беларускай гісторыяй.

Праз доўгія пошукі малюнкаў і музыкі, першыя нягеглыя спробы іх апрацоўкі, агучваньня і сумяшчэньня відэашэрагу з аўдыё ў нас, нарэшце, нешта атрымалася. Дарэчы, вялікі дзякуй сям'і Стральцоў-Карвацкіх, якія амаль поўным складам спрычыніліся да агучкі матэрыялу. Што ў нас атрымалася, можна пабачыць тут:

З.Ы. Спадзяемся, што наша праца натхніць каго-небудзь на стварэньне больш якасных відэаматэрыялаў для дзяцей.

З.Ы.Ы. Калі відэаролік быў ужо створаны, даведаліся, што ў Польшчы надрукавалі беларускі лемантар для беларускамоўных школ. Хоць ты ў Польшчу едзь па іхJ

Комментариев нет:

Отправить комментарий