пятница, 31 августа 2012 г.

Глаз ня бачыць далей за свой нос


Учора, 30 жніўня, мой былы сусед па бабруйскім пад'езьдзе, а сёньня дэпутат пацёмкінскага парлямэнту Анатоль Глаз прапанаваў скасаваць у краіне гімназіі і ліцэі, паколькі яны "азаходніваюць" сыстэму навучаньня, адыходзяць ад традыцыяў савецкае школы і дзеляць маналітнае грамадзтва на больш разумных і менш разумных, а посьпехаў на алімпіядах не прыносяць. Пры гэтым ён прапанаваў замест гімназіяў і ліцэяў ствараць у школах профільныя клясы, якія ня так даўно былі з посьпехам у нашай краіне скасаваныя.

Безумоўна, у 21-м стагодзьдзі жыць дасягненьнямі сярэдзіны 20-га і заклікаць да вяртаньня таго, што разбурылася больш за 20 гадоў таму, – гэта вельмі па-беларуску. Гэтак жа як і стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень: стараных і гультаёў, адораных і звычайных, разумных і глупых – ставараць у выніку маналітнае сярэднястатыстычнае грамадзтва.

Ня ведаю, чаго тут больш: неадукаванасьці, глупства, прыстасавальніцтва, настальгіі ці звычайных дзіцячых комплексаў адносна тых, хто разумнейшы і больш здольны за цябе. Ня ведаю, але Глаз далей за свой нос ня бачыць.

Так ужо атрымалася, што мне ў свой час пашчасьціла навучацца і ў гімназіі, і ў ліцэі. Спачатку ў шэсьць год я паступіў у Славянскую гімназію ў Бабруйску, якая была найлепшай у горадзе. І менавіта паступіў, бо, каб патрапіць у першую клясу, трэба было здаць іспыты. Гэтак жа іспыты мы здавалі і пераходзячы з чацьвёртае клясы ў пятую. Пры гэтым ніякіх маральных траўмаў гэта, прынамсі мне, не нанесла. Так, у нас увесь час кагосьці адсейвалі за непасьпяховасьць, але гэта давала стымул астатнім вучыцца лепш. Тыя ж, хто пакідаў сьцены гімназіі, часьцей за ўсё былі ў леку лепшых у тых школах, куды яны пераводзіліся.

Славянская гімназія рэгулярна рыхтавала пераможцаў гарадзкіх, абласных і рэспубліканскіх алімпіядаў. Для прыкладу, у 2003 годзе Бабруйск заваяваў на рэспулбліканскіх прадметных алімпіядах два дыплёмы, і абодва іх атрымалі навучэнцы гімназіі: ваш пакорны слуга па гісторыі і дзяўчына з 11-й клясы па гішпанскай мове. Пры гэтым большасьць выпускнікоў гімназіі атрымліваюць вышэйшую адукацыю.

Пасьля 9-й клясы, з другім дыплёмам па гісторыі, я кінуўся скараць беларускую сталіцу. Зноў здаўшы іспыты (трэці раз за сваё 15-гадовае жыцьцё),  паступіў у Ліцэй БДУ. Падрыхтоўка тут па профільных прадметах была параўнальнай з навучаньнем у ВНУ, а адбор на рэспуліканскую алімпіяду ў Ліцэі быў страшнейшым за яе саму, бо ўсе ведалі: калі ты прабіўся ў Ліцэі, на "рэспубліцы" ты дакладна зоймеш месца. І так яно і было. У 10-й і 11-й клясах амаль усе першыя месцы на рэспубліканскіх алімпіядах належылі ліцэістам БДУ, усьлед за якімі ішлі прадстаўнікі гарадзенскага і магілёўскага ліцэяў. І прычына гэтага ў тых ведах, якія мы атрымлівалі ў мурах нашае Alma Mater.

Але ж каму патрэбныя разумныя і дасьведчаныя людзі? Вядома ж, лягчэй кіраваць статкам, які на ЦТ ня можа набраць і сямі балаў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий