суббота, 10 августа 2013 г.

Трошкі пра маіх заходнеўкраінскіх продкаў

Атрымаў сёньня паведамленьне з Familytreedna пра тое, што знойдзенае яшчэ адно супадзеньне з маёй ДНК па 37 маркерах. І гэтае паведамленьне мяне амаль канчаткова запэўніла ў тым, што мае продкі Гацакі-такі жылі пэўны пэрыяд на Заходняй Украіне.


Яшчэ раней, мне паведамлялі, што самым маім блізкім ДНК-сваяком у наяўнай базе ёсьць пан Падольскі, чый продак Рыгор Падольскі нарадзіўся, мяркуючы па ўсім, на ўкраінскім Падольлі (адсюль і прозьвішча) у горадзе Гусятын (цяпер Цярнопальская вобласьць Украіны) каля 1830 г. Зь ягоным нашчадкам мяне падзяляе прыкладна 19 пакаленьняў, тады як з паморскімі ДНК-сваякамі ад 22-х і болей.

Апроч таго, па 37-і маркерах самым маім блізкім сваяком ёсьць грамадзянін ЗША Майкл Лопут. Радзімай яго продкаў пазначана Польшча. Але хутчэй за ўсё гэта выклікана нацыянальнасьцю ягоных продкаў – палякі, паколькі ў Польшчы такое прозьвішча не сустракаецца, але яно даволі распаўсюджанае ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны.

А вось сёньня ў мяне зьявіўся яшчэ адзін блізкі ДНК-супадзенец па 37-і маркерах. Ягоны продак Іван Бандура ў 1922 годзе нарадзіўся ў Львове. І такім чынам тры мае самыя блізкія ДНК-сваякі паходзяць з Заходняе Украіны (Львоўская, Цярнопальская і Закарпацкая вобласьці), а гэта значыць, што мае продкі таксама пэўны час былі "западэнцамі". Мяркуючы па ўсім, супольны продак Гацакоў, Бандураў, Лопутаў і Падольскіх не раней за 19-21 пакаленьняў, ці 570-630 гадоў таму - (на адно пакаленьне ўмоўна адводзіцца 30 гадоў), перасяліўся з польскага Памор'я на сучасную Заходнюю Ўкраіну. І такім чынам мае продкі маглі ўжо з канца XIV-пачатку XV ст. жыць на ўкраінскіх землях.

Сінім пазначаныя ўкраінскія Гацакі, фіялетавым - Падольскія, жоўтым - Бандуры, чырвоным - Лопуты


Цікава, што менавіта ў Заходняй Украіне пражывае найбольш Гацакоў. Паводле базы http://www.obd-memorial.ru на пачатак XX ст. іх больш за ўсё пражывала на захадзе сучаснай Хмяльніцкай вобласьці – у Гарадоцкім і Тэафіпальскім раёнах, што мяжуюць зь Цярнопальскай вобласьці. Такім чынам, хутчэй за ўсё, менавіта з Хмяльніцкай вобласьці напачтку ХІХ ст. і перасяліліся мае продкі Гацакі з Украіны ў Беларусь пад Бабруйск. Адзначу таксама, што прынамсі некаторыя з Гацакоў, якія жылі напачатку ХХ ст. у вёсцы Мыхніўка Тэафіпальскага раёну лічылі сябе палякамі (націск у імёнах яны ставілі таксама на польскі манэр: Фі́ліп, а не Філі́п).

Цікава, што першыя палякі пачалі стала зьяўляцца ў Хмяльніцкай вобласьці пасьля 1431 году, калі Ягайла аддаў у Сопаці (горад у польскім Памор'і – рэгіёну адкуль паходзяць мае продку) гэтыя землі Яну Чанстулоўскаму. Вялікая хваля палякаў прыбыла сюды і пасьля Патопу ў 1699 годзе, каб засяліць спустошаныя казакамі і татарамі землі. Менавіта яны і сталі асновай каталіцкага насельніцтва рэгіёну.

Варта адзначыць, што з былога Брацлаўскага ваяводзтва (сёньня на тэрыторыі суседняй з Хмяльніцкай Віньніцкай вобласьці), паводле родавае легенды, выводзілася чарнігаўская галіна шляхецкага роду Гацукоў (Гатцукоў) гэрбу Пэлікан. Пра род гэты мне амаль нічога знайсьці не атрымалася, толькі пра яго чарнігаўскаю галіну, засноўнік якой – Сьцяпан Гацук (1708-1763). Вядома, што род быў набілітаваны каля 1662 году, верагодна, падчас падзеяў сумнавядомага Патопу. Ці мае ён дачыненьне да маіх Гацакоў невядома.

Комментариев нет:

Отправить комментарий