вторник, 9 июля 2013 г.

Езус, Ісус ці Іісус?

Беларуская мова – адна зь нешматлікіх моваў, дзе хрысьціянская тэрміналёгія розьніцца ў залежнасьці ад канфэсіі. У сувязі з гэтым даволі часта гучаць заклікі да скасаваньня разыходжаньняў і ўніфікацыя перакладаў, тэрміналёгіі і гэтак далей. У першую чаргу гэтыя заклікі тычацца таго, каб Заходняя, Рыма-каталіцкая царква, пагадзілася на пераклады цэркваў усходніх – Праваслаўнай ці Грэка-каталіцкай. Аргумэнтамі на карысьць гэтага ёсьць так бы мовіць палянізаваць "касьцёльнае мовы" і большая старажытнасьць праваслаўнае традыцыі. Аднак ці маюць дадзеныя заклікі рацыю?


Для пачатку варта нагадаць, што хрысьціянства на Беларусь у адрозьненьні ад большасьці краінаў ішло з двух напрамкаў – праваслаўнага, Канстантынопаль, і каталіцкага, Рым. Яшчэ ў першыя дзесяцігодзьдзі ад хросту Русі на сучасных беларускіх землях служылі ураджэнец Ісьляндыі Торвальд, біскупы Рэйнбэрн і Брунон Кврэрфурцкі, у ХІІ ст. існавалі каталіцкія касьцёлы ў Полацку, у ХІІІ ст. прыняў каталіцтва вялікалітоўскі кароль Міндоўг і гэтак далей. Так што, каталіцкая традыцыя на беларускіх землях ёсьць ніяк ні маладзейшай за праваслаўную – яны роўныя і сягаюць яшчэ часоў да падзелу Цэркваў. Адпаведна і казаць пра тое, што ўсходняя традыцыя больш старажытная ў Беларусі не выпадае, а значыць і аргумэнт пераходу да "царкоўнае мовы" як больш старажытнае не адпавядае сапраўднасьці.

Неабгрунтаваны аргумэнт і пра палянізаванасьць "касьцёльнае мовы". Многія касьцёльныя словы, якія падаюцца як польскія, насамрэч такімі не зьяўляюцца. Яны ці непасрэдна паходзяць з лацінскае мовы, якая яшчэ да 1960-х гадоў была адзінай літургічнай у заходнім абрадзе, ці апасрэдавана з лацінскай праз чэскую, бо менавіта з хрысьціянскіх Маравіі і Чэхіі пачалася хрысьціянізацыя польскіх, а празь іх і беларускіх земляў, а чэская мова стала мовай-пасярэдніцай. У пэўнай ступені тую самую ролю ў праваслаўнай традыцыі выконвала царкоўнаславянская мова, заснаваная на баўгарскай, празь якую ў беларускую мову прйшлі шматлікія грэцызмы. Такім чынам, калі ў праваслаўнай ды грэка-каталіцкай "мовах" мы кажам пра царкоўнаславізмы, то і ў каталіцкай мусім казаць не пра палянізмы, а пра багемізмы. Чаму грэцызмы і царкоўнаславянізмы маюць большую вартасьць у беларускай мове за лацінізмы ды багемізмы, не зразумела.

Да багемізмаў, напрыклад, адносяцца такія "польскія" словы, як Пан (Pán), касьцёл (kostel), кляштар (klášter), крыж (Kříž) ды іншыя. Пры гэтым словы – касьцёл, кляштар і крыж - маюць лацінскае паходжаньне, што важна ўлічваць, бо лаціна, як ужо нагадвалася, была літургічнай мовай Рыма-Каталіцкага Касьцёлу. Пад чэскім уплывам узьнікла ў Польшчы і слова "ксёндз", якое ёсьць літаральным перакладам чэскага слова Kněz, але наўрадці хто будзе сёньня называць сьвятара па-беларуску князем.

Ня ёсьць палянізмам і імя Збаўцы Езус Хрыстус, карані якога непасрэдна ляжаць у лацінскай мове - Iesus Christus. Праваслаўнае ж Іісус Хрыстос ды грэка-каталіцкае Ісус Хрыстос паходзяць з царкоўнаславянскае мовы, куды патрапілі з грэцкае мовы - Ἰησοῦς Χριστός. Так што тут відавочны ўплыў літургічнай мовы, якая была галоўнай у той ці іншай Царкве – лацінская ці грэцкая. І пераход аднае Царквы да перакладаў іншае ў нашых умовах можа азначаць і пэўную адмову ад традыцыі ды абраду.

Цікавай ёсьць сытуацыя і са словам біскуп, якое ўжываецца ў рыма- і грэка-каталіцкай традыцыях, але не ў праваслаўнай, якая выкарыстоўвае слова "епіскап". Бо менавіта на праваслаўнай сьвятыні – крыжы Еўфрасіньні Полацкай, зробленым яшчэ ў ХІІ ст., мы сустракаем слова "піскуп". Такім чынам, лацінскія моўныя ўплывы на беларускія землі сягаюць прынамсі да сярэдзіны ХІІ ст.

Цікавай ёсьць узьніклая нядаўна спроба ў адным з каталіцкіх касцёлаў Менска замяніць выраз "Хрыстус уваскрос" на "Хрыстос уваскрэс". Маўляў, слова "уваскрос" ёсьць палянізмам. Як польскі выраз "Chrystus zmartwychwstał" мог зьмяніць "уваскрЭс" на "ўваскрОс" для мяне застаецца загадкай.

Увогуле ж польскі ўплыў на "касьцёльную мову" і ня толькі (узгадайма слова крыж, якое ўжывае Беларуская Праваслаўная Царква), ёсьць цалкам натуральным і лягічным, паколькі менавіта праз Польшчу і праз польскую мову каталіцтва ішло на Беларусь. Дарэчы, як падаецца, "касьцёльная мова" не выклікала супярэчаньняў і ў выбітных беларускіх дзеячоў-каталікоў), якія стаялі ля вытокаў станаўленьня беларускае нацыі – Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча і іншых.



Дарэчы, падобная да беларускае сытуацыя і ў Карэі, дзе каталіцкая і пратэстанцкія цэрквы ўзьнікалі амаль адначасова і незалежна адна ад аднае. Тут таксама каталікі і пратэстанты карыстаюцца рознай тэрміналёгіяй і рознымі перакладамі.

2 комментария:

  1. 1. Пры падрыхтоўцы літургічных тэкстаў на нацыянальныя мовы перакладчыкі павінны карыстацца тымі рэкамендацыямі, якія кіруе да іх Апостальскі Пасад - такім дакументам з'яўляецца м.інш. http://www.vatican.va/roman_curia/congregations/ccdds/documents/rc_con_ccdds_doc_20010507_liturgiam-authenticam_lt.html
    2. Агульнае ўражанне ад артыкула - нейкі ён аднабаковы...
    3. Незразумела, якімі крыніцамі карыстаўся аўтар пры напісанні артыкула...
    4. "Цікавай ёсьць узьніклая нядаўна спроба ў адным з каталіцкіх касцёлаў Менска замяніць выраз "Хрыстус уваскрос" на "Хрыстос уваскрэс"." Наколькі памятаю, адносна гэтага ёсць асобная кніга, у якой падрабязна і даволі аргументавана тлумачацца пэўныя рэчы...

    ОтветитьУдалить
    Ответы
    1. 1. Дзякуй за спасылку, але я ня так добра ведаю лаціну, каб магчы спрачаца.
      2. Так, бо гэта прыватнае меркаваньне ў прыватным блогу. Калі б прэтэндаваў на аб'ектыўнасьць, публікаваў бы ў СМІ, зь якімі супрацоўнічаю.
      3. Тут вартае ўдакладненьне, адносна чаго менавта.
      4. Так, у мяне гэтая кніжка ё дома, але мне яна падаецца яшчэ больш аднабаковай, прычым са спробамі прыцягнуць за вушы меркаваньні сваіх прыхільнікаў, якія нават ня маюць дачыненьня да гуманітарных навук. Мэта гэтай кнігі, на маю думку, штучна наблізійць царкоўную і касьцёльную мову на шкоду касьцёльнай традыцыі. Вось тут,дарэчы, афіцыйны камэнт Касьцёла наконт чарговаго твору таго самага аўтара http://catholic.by/2/home/news/belarus/bishop-conference/119149-kkbb-slounik.html

      Удалить