среда, 13 ноября 2013 г.

Прызнаць Дзяржынскага сваім

Пабачаная навіна пра "Жалезнага Фэлікса", радасна перадрукаваная "Хартыяй", абвастрыла адну з праблемаў нацыянальнаарыентаванае часткі беларусаў – нежаданьне прызнаваць грахі за сваім народам, прызнаваць тое, што ня толькі беларсаў зьнішчалі, але і беларусы.

"Дзержинский родился 11 сентября 1877 года в имении Дзержиново Виленской губернии (Польша) в богатой дворянской семье. Мать – полька, отец – еврей", - піша аўтар "гістарычнага" артыкулу.

Але ж у аніякай Польшчы ён не нарадзіўся, і ягоны бацька ня быў габрэем. Фэлікс Дзяржынскі нарадзіўся ў маёнтку Дзяржынава за 15 кілямэтраў ад Івянца, а род ягонага бацькі - шляхецкі гэрбу "Суліма", і паходзіць ён з 17 ст. з былога Ашмянскага павету. Так, што заснавальнік ВЧК-ГПУ-НКВД-КГБ і непасрэдны арганізатар масавых бальшавіцкіх рэпрэсіяў, - кроў ад крыві наш зямляк, тыповы літвін. І калі мы лічым сваімі Касьцюшку, Манюшку, Міцкевіча і ко, то і яго павінны лічыць такім жа сваім, як бы гэта было непрыемна. Гэта на руках нашага земляка кроў мільёнаў чалавек, не на руках палякаў, габрэяў ці расейцаў.

Аналягічная сытуацыя і з кіраўнікамі ГПУ-НКВД у міжваеннай Беларусі, хоць і часьцяком можна пачуць, што аніхто зь іх да Беларусі аніякага дачыненьня ня меў. Але, калі паглядзець уважлівей, то апынецца, што гэта незусім так:

1921-1923 Ян Ольскі (Кулікоўскі), нарадзіўся ў Троцкім павеце

1924-1925 Піліп Мядзьведзь, нарадзіўся ў Пружанскім раёне

1925-1929 Раман Піляр, нарадзіўся ў Вільне альбо ў Лапах (Беластоцкі павет)

1929-1931 Рыгор Рапапорт, нарадзіўся ў Глуску

1931 Станіслаў Рэдэнс, нарадзіўся ў Тыкоціне (Беластоцкі павет)

1934-1936 Ізраіль Леплеўскі, нарадзіўся ў Берасьці

Так што, з 23 міжваенных гадоў чэкістамі на Беларусі ў той ці іншай ступені ўраджэнцы Беларусі кіравалі 11. Хоць асноўныя рэпрэсіі прыйшліся не на іх час, але ж і яны, пэўна, былі не анёламі. Безумоўна, шмат хто можа заявіць, што Віленшчына і Беласточчына – гэта не Беларусь, а Летува ды Польшча. Але ж калі запытаць у іх, ці Вільня і Беласток беларускія гарады, яны адкажуць, што так (прынамсі, да 1939 года).

Дык можа хопіць падваеньня асобы? Можа варта прызнаць, што не такія мы ўжо ідэальныя і ў шмат якіх сваіх праблемах вінаватыя самі, а не засланыя казачкі, "маскалі, жыды ды ляхі"? Быць можа, калі мы гэта зразумеем, то і праблемы вырашаць будзе прасьцей?

Комментариев нет:

Отправить комментарий