Адным з варыянтаў інтэграцыі для Беларусі некаторымі мясцовымі палітыкамі, экспэртамі, рамантыкамі і г.д. разглядаецца варыянт утварэньня Балта-Чарнаморскай канфэдэрацыі, якая сярод іншага, як мяркуецца, павінна ўратаваць беларускі народ, мову і культуры ад далейшае русыфікацыі. У сувязі з гэтым у мяне ўзьнікла думка праверыць, якія ж народы, а адпаведна і мовы, будуць пераважаць у дадзеным утварэньні.
Для гэтага разгледзім тры варыянты інтэграцыі, якія назавем умоўна міні, мідзі і максі – у залежнасьці ад колькасьці краін, якія маюць увайсьці ў канфэдэрацыю. Адразу абмоўлюся, што ўсе варыянты ідэальныя: усе краіны разглядаюцца з пункту гледжаньня, што яны ўваходзяць у канфэдэрацыю на добраахвотнай аснове і безь перашкодаў ці ўмяшальніцтва з боку ссуседніх дзяржаваў.
Першы варыянт (міні) – Беларусь, Україна, Летува і Латвія. Агульная колькасьць насельніцтва: каля 60,2 млн чалавек. Зь іх:
37,7 млн – украінцы
9,9 млн – расейцы
8,34 млн – беларусы
2,94 млн - летувісы
1,29 млн – латышы
718,45 тыс. - палякі
332,05 тыс. – татары
262,08 тыс. – малдаване
204,57 тыс. – баўгары
156,57 тыс. – вугорцы
Другі варыянт (мідзі) - Беларусь, Україна, Летува, Латвія і Польшча. Агульная колькасьць насельніцтва каля 98,6 млн чалавек. Зь іх:
37,8 млн – украінцы
37,7 млн - палякі
9,9 млн – расейцы
8,39 млн – беларусы
2,95 млн - летувісы
1,29 млн – латышы
332,05 тыс. – татары
262,08 тыс. – малдаване
204,69 тыс. – баўгары
194,94 тыс. – немцы
Трэці варыянт (максі) - Беларусь, Україна, Летува, Латвія, Польшча, Эстонія і Калінінградзкая вобласьць РФ. Агульная колькасьць насельніцтва каля 109,9 млн чалавек. Зь іх:
37,86 млн – украінцы
37,7 млн - палякі
11,01 млн – расейцы
8,44 млн – беларусы
2,96 млн - летувісы
1,3 млн – латышы
0,92 млн - эстонцы
339 тыс. – татары
262,73 тыс. – малдаване
205,89 тыс. – немцы
Такім чынам, у любым з трох варыянтаў этнічныя расейцы ўваходзяць у тройку самых вялікіх народаў паводле колькасьці. І гэта без уліку аграмаднай колькасьці расейскамоўных беларусаў і ўкраінцаў ды прадстаўнікоў іншых, малых народаў, якія паводле колькасьці не патраплялі ў топ-10. Да таго, ж расейская мова ёсьць адзінай мовай, якую разумеюць на ўсіх прасторах ад Эстоніі і да Ўкраіны, так што статус, нават неафіцыйны, мовы міжнацыянальных зносінаў для расейскай мовы ў дадзеным геапалітычным утварэньні гарантаваны. Пры ўмове ж уключэньня ў канфэдэрацыю Калінінградзкае вобласьці, у расейскай мовы нават будзе свой палітычны цэнтар.
Як падаецца, нівэляваць статус расейскай мовы без няпасрэднай забароны можна толькі ў двух выпадках: без уключэньня ў канфэдэрацыю Ўкраіны ці з уключэньнем іншых краінаў з Захаду (Чэхія, Вугоршчына, Славаччына і іншыя) або з Поўначы (Швэцыя, Фінляндыя і іншыя). Аднак у першым выпадку канфэдэрацыя без Украіны губляе сваю геапалітычную значнасьць, у другім жа выпадку ёй можа пагражаць моўны раскол на заходнюю ды постсавецкія часткі або на славянскую ды неславянскую.
Такім чынам, уваходжаньне Беларусі ў Балта-Чарнаморскую канфэдэрацыю ніяк не гарантуе, што беларуская мова на яе землях будзе абароненая ад русыфікацыі. Больш за тое, яна можа апынуцца адначасова пад дадатковай палянізацыяй з захаду ды русыфікацыяй з поўдню.
Комментариев нет:
Отправить комментарий