воскресенье, 17 марта 2013 г.

Нечаканыя вынікі аналізу ДНК


Так сталася, што маім хобі яшчэ з часоў юнацтва зьяўляецца генаэлёгія. Дзякуючы працы ў архівах на дадзены момант мне атрымалася па розных лініях сваіх продкаў паглыбіцца на 150-250 гадоў, а по жончынай лініі дык і дасягнуць пачатку XVIII стагодзьдзя.


Аднак пры ўсім жаданьні архіўныя зьвесткі могуць даць інфармацыю пра продкаў толькі прыкладна за апошнія 300 гадоў. Каб запоўніць недастаючыя прабелы ў гісторыі роду, я зрабіў аналіз Y-ДНК, якая перадаецца па мужчынскай лініі, а значыць мусіць паказаць паходжаньне Гацакоў.

Гацакі зьявіліся на Беларусі на пачатку XIX ст. Першы мой вядомы продак – Захар Гацак, які нарадзіўся каля 1780 году. Адкуль ён ці ягоны сын Васіль зьявіўся пад Бабруйскам невядома. Н на пачатку мінулага стагодзьдзя Гацакі апроч Бабруйшчыны сустракаліся, пры чым у значна большай колькасьці – на Заходняй Украіне, а менавіта у сучасных Віньніцкай і Хмяльніцкай абласьцёх. На карысьць магчымае ўкраінскае прарадзімы роду Гацакоў кажа і гучаньне прозьвішча, якое магло ўзьнікнуць у XVI-XVII стст. у межах беларуска-ўкраінскае моўнае прасторы ад скарочанай імяннай формы Гацка (ад Гаўрыла, Гапон, Гарасім ці г.д.).

Аднак аналіз ДНК паказаў даволі дзіўныя вынікі. Пацьвердзіўшы маю эўрапейскасьць (гаплягрупа R найбольш пашыраная ў Эўропе), тэст пры гэтым паказаў маю неславянскасьць. Згодна зь ім, мая ДНК R1a1a1b1a2b2 з субкладам L365 найбольш пашыраная сярод насельніцтва Памераніі – прыбалтыйскага рэгіёну на паўночным захадзе Польшчы. А значыць, менавіта тут трэба шукаць маю гістарычную прарадзіму. Найбольш раньні супольны продак людзей з гэтай ДНК жыў каля 900 (+/- 400 гадоў) году да Р.Хр. Памаране найбольш блізкія генэтычна да балтаў. Пацьвярджаецца гэта і архелёгіяй: у бронзавым веку ў Памераніі панавала балцкая культура. Аднак у больш позьнія часы памаране славянізаваліся, а ў пазьней і зьнямечыліся. Цікава, што мой самы блізкі ДНК-сваяк па 67-і маркерах – John Thomas Kusch (дыстанцыя 7 маркераў на 67-і маркерах), чый продак Martin Kusch (1844-1932) жыў у навакольлі Гданьска – Старогарда Гданьскага, што існуе ад нэалітычных часоў.

Ці абвяргаюць гэтыя дадзеныя ўкраінскую вэрсію паходжаньня? Зусім неабавязкова. Па 37-і маркерах маім найбольш блізкім сваяком з'яўляецца нехта Michael Loput (дыстанцыя 4). Дадзеных пра яго продкаў няма. Але інфармацыя інтэрнэт-базаў дадзеных дазваляе лякалізаваць месца пражыцьця Лопутаў Закарпацкай вобласьцю Ўкраіны. Пры гэтым зь ім у мяне кроўнасьць, мяркуючы па працэнтах большая чым з нашчадкам Джонам Томасам Кушам: зь першым 60,01% на 12 пакаленьнях і 97,52% на 24-х, з другім - 27,42% на 12 пакаленьнях і 90,86% на 24-х. Такім чынам, на дадзены момант мой радавод выглядае наступным чынам:

900 да Р.Хр. – 1300 па Р.Хр. Мае продкі жывуць у Памераніі

Каля 1300-1600 Мае продкі, аддзяліўшыся ад ад продкаў Джона Куша, мігруюць з Памераніі на Заходнюю Ўкраіну, дзе падзяляюцца на Гацакоў і Лопутаў. У гэты час кантакты Галіцка-Валынскага княства, а затым і Вялікага княства Літоўскага, і Польшчы робяцца большч шчыльнымі. Магчыма, прычыны пранікненьня варта шукаць і ў войнах паміж краінамі. Пры гэтым мае продкі павінны былі яшчэ ўкраінізавацца, каб атрымалася ў выніку ўкраінскае па гучаньні прозьвішча.

Каля 1800 Мае продкі Гацакі пасяляюцца пад Бабруйскам, што ўжо пацьвярджаецца дакумэнтальна.

Што крыўдна ў памяранскім паходжаньні маіх продкаў – гэта запозьняе хрышчэньне памаранаў – сярэдзіна ХІІ стагодзьдзя, калі ўжо нават на Беларусі квітнела хрысьціянства. З другога боку, яны ўжо ад самога пачатку былі каталікамі, перайшоўшы, праўда, пазьней у праваслаўе (магчыма, праз уніяцтва).

Мой эўрапейскі ДНК-радавод: 


Мой ДНК-радавод ад Адама: 


Комментариев нет:

Отправить комментарий